Іван Паўлавіч Мележ (1921 – 1976)
Народны пісьменнік Беларусі

Нарадзіўся Iван Паўлавіч Мележ 8 лютага 1921 года ў в. Глінішча Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і. Пачатковую адукацыю атрымаў у Глінішчах, школу-сямігодку закончыў у Алексічах, дзесяцігодку (СШ № 1) з атэстатам выдатніка ў 1938 у Хойніках. У 1939 стаў студэнтам Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры, але з першага курса прызваны ў армію.

Летам 1940 удзельнічаў у вызваленні Паўночнай Букавіны і Бесарабіі. Вайна застала яго ў г. Стары Самбор (Львоўская вобл.). З 1942 працаваў літсупрацоўнікам газеты 51-й стралковай дывізіі "Красноармейская правда". 20 чэрвеня 1942 пад Растовам быў цяжка паранены. Лячыўся ў шпіталях. З лістапада 1942 выкладаў ваенную падрыхтоўку і завочна вучыўся на літаратурным факультэце Малдаўскага педагагічнага інстытута. У 1943—1944 выкладаў ваенную падрыхтоўку ў БДУ. У жніўні 1944 разам з універсітэтам пераехаў у Мінск. Завочна вучыўся на філалагічным факультэце, які закончыў у 1945. У 1945—1948 вучыўся ў аспірантуры пры БДУ. Пісаў дысертацыю па творчасці К. Чорнага.

З мая 1945 па студзень 1947, адначасова з вучобай ў аспірантуры, працаваў у рэдакцыі часопіса "Полымя". Пасля заканчэння аспірантуры працаваў старшым выкладчыкам беларускай літаратуры БДУ. З жніўня 1950 па верасень 1951 кансультант аддзела прапаганды і агітацыі па пытаннях літаратуры ЦК КП(б)Б. З 1966 сакратар, у 1971—1974 намеснік старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў БССР.
Іван Мележ быў старшынёй праўлення Беларускага аддзялення таварыства "СССР — Францыя", старшынёй Беларускага камітэта абароны міру, членам Сусветнага Савета Міру, выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР у 1967—1976. Быў узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам Чырвонай Зоркі (06.08.1946); ордэнам "Знак Пашаны" (25.02.1955); медалямі; Памёр 9 жніўня 1976 г., пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.
Літатратурная дзейнасць Народнага пісьменніка Беларусі
Івана Паўлавіча Мележа
Друкавацца I. Мележ пачаў у 1930-я гады. У 1933 удзельнічаў у конкурсе, на лепшае апавяданне. Яго твор быў быў прызнаным адным з лепшых. Сам аўтар назваў удзел у конкурсе "першым сваім пісьменніцкім поспехам, першай аўтарскай радасцю".

У 1939 у газете "Чырвоная змена" быў надрукаваны першы верш I. Мележа "Радзіме". Перад вайной яго вершы друкаваліся ў газетах, ён спрабаваў свае сілы ў прозе. Першым празаічным творам лічыў свой франтавы дзённік, дзе апісваў жорсткія баі. У 1943 было надрукавана яго апавяданне "Последняя операция". Першае апавяданне на беларускай мове "Сустрэча ў шпіталі" апублікавана ў 1944. У 1946 быў надрукаваны першы зборнік апавяданняў пісьменніка "У завіруху", потым "Гарачы жнівень" (1948). У канцы 1940-х — пачатку 1950-х гг. ён працаваў над буйным творам — раманам "Мінскі напрамак", які адным з першых у беларускай літаратуры быў прысвечаны вызваленню Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У далейшым пісьменнік зноў звярнуўся да малых эпічных твораў. Былі выдадзены зборнікі "Блізкае і далёкае" (1954), "У гарах дажджы" (1957), "Што ён за чалавек" (1961), напісана некалькі п'ес — "Пакуль вы маладыя" і "У новым доме" (1956), "Дні нараджэння" (1958), "Хто прыйшоў уночы" (1959). На працягу ўсёй літаратурнай дзейнасці ў I. Мележа была глыбока прадуманая, вывераная эстэтычная пазіцыя, якая выкладзена ў кнізе "Жыццёвыя клопаты" (1975). Найбольш ярка яна праявілася ў апошнім зборніку пісьменніка "Белыя вішні і яблыні" (1976).
Талент I. Мележа з асаблівай сілай раскрыўся ў трылогіі "Палеская хроніка". Гэта галоўная яго кніга, твор пра блізкі і дарагі пісьменніку родны край. Аўтар тонка адчуваў і перадаваў прыгажосць прыроды Палесся, услаўляў чалавека-працаўніка, яго любоў да роднай зямлі. Складаецца з раманаў "Людзі на балоце" (1961), "Подых навальніцы" (1964—1965), "Завеі, снежань" (1976) (няскончаны). Многія творы пісьменніка былі экранізаваны.

Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа (1962), Ленінскай прэміі(1972), Дзяржаўная прэміі БССР (1976). За вялікія дасягненні ў развіцці беларускай літаратуры ў 1972 годзе І.П. Мележу прысвоена ганаровае званне народнага пісьменніка Беларусі.
Произведения:
1. Людзи на балоце
2. Подых навальнiцы
3. Завеі, снежань